«Гаманіна» — гэта жаночы гурток, які ўзнік спантанна
У Познані ў беларускім эмігранцкім асяродку дзейнічае гурток «Гаманіна», у якім аматары спеваў знаходзяць і развучваюць беларускія фальклорныя песні з розных рэгіёнаў краіны. Адна з арганізатарак, спадарыня Алена, згадвае, як паўставала іх ініцыятыва:
— «Гаманіна» — гэта такі спантанны жаночы гурток, які ўтварыўся мінулым летам. Дзяўчаты арганізавалі «Купалле», і патрэбна было навучыцца спяваць купальскія песні. Сабраліся разам, а калі вучылі гэтыя песні, адна з іх называлася «Гаманіна». Яна нам усім спадабалася, і мы вырашылі так назваць свой гурток.
Асабліва прыемным было, паводле суразмоўцы, што спачатку на ініцыятыву адгукнулася шмат маладых дзяўчат, якіх па-сапраўднаму закранулі гэтыя песні і выклікалі цікавасць.
Мы пачалі адраджаць знікаючы фальклор
Спадарыня Алена кажа, што дзейнасць іх гуртка і надалей застаецца даволі спантаннай, паколькі ў іх няма запланаваных рэпетыцый раз на тыдзень і яны не маюць пэўнага рэпертуару.
— Мы хацелі развучваць песні на кожны святочны сезон: на Каляды, на «Гуканне вясны» дадаць купальскія песні і гэтым самым падрыхтаваць такі цыкл народных песень. Магчыма, гэта цяжка было б назваць рэпертуарам, але такія былі планы. Пасля правядзення Купалля ўзнікла ідэя знаходзіць народныя песні, якія малавядомыя, не сустракаюцца ў інтэрнэце, якія спявалі бабулі ў нашых вёсках. Адна дзяўчына прынесла запіс такой песні ад сваёй сяброўкі. Яе спявала бабуля сваёй унучцы. Гэтай бабулі ўжо няма, але і гэтай песні мы не змаглі знайсці ў інтэрнэт-прасторы. Так атрымалася, што мы пачалі адраджаць знікаючы наш фальклор, і такім чынам з’явілася большая глабальная мэта: знаходзіць невядомыя фальклорныя песні і спяваць, каб яны жылі.
З песнямі звязана магія
Спадарыня Алена кажа, што да канца і сама не разумее, як у яе і іншых дзяўчат узнікла гэтая цікавасць да фальклорных песень, але ўжо здолела адчуць, што гэта вельмі важна.
— Гэта такое ўнутранае жаданне, узнікла іскра, столькі сэрцаў запалілася ідэяй. Здарылася нейкая магічная гісторыя з гэтымі песнямі. Я проста закаханая ў тое, што ў нас атрымліваецца. Сапраўды, я не ведаю, што з намі здарылася і чаму ў сучасным свеце, у гэтым нашым віртуальным жыцці, нам так хочацца спяваць гэтыя старыя песні на такіх гаворках, якіх мы нават часам не разумеем. Вось зараз сядзім, разбіраем палескую песню — нейкія словы нам наогул незразумелыя, але мы думаем, што гэта значыць, шукаем адказ.
Яны іншыя і незнаёмыя нашаму вуху
Праўда, мая суразмоўца згадвае, што пачыналі з песні больш вядомай — «Ішла Купалка», якую можна паслухаць у выкананні прафесійных калектываў. А ўжо потым пачалі пошук песень, якіх не знайсці ў інтэрнэце. Цікаўлюся, што яна асабіста знаходзіць для сябе ў фальклорных песнях?
— Для мяне вельмі важныя і падабаюцца мелодыі гэтых песень, бо сучасныя мелодыі вельмі простыя часцей за ўсё. А гэтыя старыя песні, у іх часам такія дзіўныя пераходы з танальнасці на танальнасць, мы часам думаем, чаму гэта так. Яны іншыя і незнаёмыя нашаму вуху.
Песні з розных рэгіёнаў Беларусі
Пазнаёміўшыся з фальклорнымі песнямі з розных рэгіёнаў Беларусі, некаторыя ўдзельніцы гуртка былі здзіўлены, наколькі розныя песні спявалі ў невялікай Беларусі. Адна з іх, спадарыня Марыя, звяртае ўвагу, што яны не толькі адрозніваюцца моўна, але і меладычнасцю.
— Самая вялікая розніца ўсё ж у меладычнасці. А што датычыцца мовы, то ў цэнтральнай і паўночнай Беларусі яна больш традыцыйная, а дыялект паляшукоў наогул адрозніваецца ад астатніх рэгіёнаў. І калі я першы раз сутыкнулася з гэтай палескай гаворкай, то была вельмі здзіўлена. Не ўяўляла, што існуе такі дыялект і на ім шмат чаго зроблена: напісаны кніжкі і на ім спяваюць песні. Мы на мінулай рэпетыцыі спявалі адну з такіх песень, і некаторыя дзяўчаты, хто з Мінскай вобласці, наогул не разумелі, пра што яны спяваюць. Я расла ў рускамоўнай сям’і, і для мяне спачатку таксама гэты дыялект быў незразумелы, пакуль мы не пачалі разбіраць кожнае слова.
Народныя песні можа спяваць кожны
Як высветлілася, у «Гаманіне» шмат хто з дзяўчат не мае музычнай адукацыі, але прыходзіць сюды таму, што папросту любіць спяваць народныя песні. Але галоўнае, як зазначае суразмоўца, што і прафесіяналы ў калектыве ёсць.
— Як правіла, мы не звяртаем на гэта ўвагі, але добра, калі ёсць прафесіяналы, бо яны дапамагаюць нам некаторыя ноты схапіць, бо голым вухам не ўсе могуць адразу пачуць іх. Хаця мы ўпэўнены, што народныя песні можа спяваць кожны. Дарэчы, мы нават можам трохі мелодыю змяняць, калі нам так зручней спяваць. Гэта народныя песні, а мы таксама народ і можам, калі ёсць патрэба, нешта пад сябе падстроіць.
Гэта значыць дакрануцца да сваіх каранёў
Пацікавіўся ў адной з удзельніц «Гаманіны», спадарыні Марыі, што для яе азначае спяваць беларускія народныя песні.
— Гэта значыць дакрануцца да сваіх каранёў, да таго, чаго не ведала. Я вырасла ў горадзе і шмат чаго з нашай культуры не ведала, але мне хочацца сваёй душой да гэтага дакрануцца. Гэта такая нітачка, праз якую я магу дакрануцца да сваіх пра-пра-прабабуляў. І мне гэта цікава, я закаханая ў народную музыку, фальклор яшчэ з падлеткавых часоў. Проста тады я не была ў тых колах, дзе гэта слухалі. Са з’яўленнем інтэрнэту гэта стала больш дасяжным, а раней мы практычна нічога не ведалі пра сваю музыку. Я вельмі палюбіла беларускую народную музыку, а палескую дык асабліва.
Распавядаючы пра планы «Гаманіны», спадарыня Алена кажа, што пакуль не думалі пра нейкія выступы, але сканцэнтраваліся на стварэнні базы забытых беларускіх песень. А яшчэ ёсць мара, каб гэтыя песні проста ўвайшлі ў наша паўсядзённае жыццё.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё